Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Раздзелы сайта

Галоўная

Архіў навін

03.04.17

Радасць і хваляванне ці Розніца ў адзін бал

  Дзень 1 красавіка, які традыцыйна прысвячаецца гумару і смеху, ва ўстанове дадатковай адукацыі быў напоўнены вясёлым гоманам і звонкім смехам дзяцей, якія наведвалі вясеннюю змену лагера “Пралеска”. Пасля таго як атрады строем адправіліся на снеданне і гульні на свежым паветры, атмасфера радаснай бесклапотнасці змянілася прыкметным хваляваннем: карыдор і актавая зала цэнтра дадатковай адукацыі запаўнялі ўдзельнікі занальнага этапу гульні “Зорны час” па тэме “Мова Коласа, мова Купалы”.

   І, трэба сказаць, хваляванне было апраўданым, бо гульня гэтая можа лічыцца лёгкай толькі для тых, хто добра валодае беларускай мовай. Але ці многа дзяцей у наш час можа гэтым пахваліцца? Вопыт мінулага года, калі адбыўся дэбют беларускамоўнага праека, высветліў тую акалічнасць, што калі з  заданнямі - перакладаць, прыгадваць імёны аўтараў, сэнс слоў і г. д. – удзельнікі спраўляюцца нядрэнна, то прыгожа, грунтоўна і беспамылкова выказаць тую ці іншую думку на беларускай мове вельмі цяжка. І гэта, на жаль, не дзіўна, бо тая колькасць гадзін, што адводзіцца ў школе па праграме на яе вывучэнне, мала што зможа даць юнаму пакаленню, калі яны самі не будуць зацікаўлены ў дадатковым вывучэнні.

  Адзін з такіх прыхільнікаў мовы Коласа – вучань СШ№1 г. Драгічына Уладзіслаў Тарановіч: для яго мова – не проста прадмет вывучэння і цікаўнасці, але і прадмет звычайнага карыстання ў паўсядзённым жыцці. На жаль, на гэты раз дзесяцікласнік Уладзіслаў Тарановіч не змог сваімі адказамі падтрымаць каманду, таму што ўдзел у гульні могуць прымаць толькі вучні 7-9 класаў.

   Аднак нягледзячы на гэта, менавіта каманда СШ №1 “Палешукі” па выніках балаў выйшла ў фінал. Тым не менш,  каманды сапернікаў – “Ветразь”(Валавельская СШ), “Лінгвісты”(Вулька-Радавецкая БШ), “Спаткаемцы” (Хомская СШ) -  таксама паказалі добрую гульню: усе яны набралі аднолькавую колькасць балаў і адсталі ад пераможцы ўсяго на… 1 бал. Вось як бывае. А мы чакаем каманду “Палешукі” 20 мая на заключным этапе.